Абноўлены помнік воінам-землякам Азяціцкага сельскага Савета

Адразу да двух свят і аднаго юбілею была прымеркавана цырымонія адкрыцця помніка ў скверы ў цэнтры аг. Аззяцічы. Яна прайшла 16 верасня напярэдадні Дня народнага адзінства і перад пачаткам раённага свята “Дажынкі-2022”, якое таксама адзначалася ў аграгарадку. Помнік абноўлены па ініцыятыве калектыву УП “Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў”, у якога ў 2022 годзе 75-годдзе. Без малога шэсцьдзесят гадоў таму, у 1964-1965 гадах, у в. Аздзяцічы на скрыжаванні вуліц Садовай і Маладзёжнай справа ад магістралі Барысаў-Чарнеўка быў устаноўлены абеліск пірамідальнай формы. На ім ушанавана памяць 222 загінуўшых воінаў-землякоў, ураджэнцаў вёсак Аздзяцічы, Клыпёнка, Лаўніца, Маталыга, Студзёнка, Чэрнеўка, Забор’е і Мулішчы. Час помнік не пашкадаваў, і ён стаў разбурацца. У Год гістарычнай памяці і юбілею прадпрыемства калектыў камбіната рэалізаваў патрыятычную ініцыятыву. Да яе ўвасаблення падключылі вядомага барысаўскага скульптара Яўгена Капшая, які стаў аўтарам новага манумента. На цырымоніі адкрыцця помніка прысутнічала дэлегацыя УП “Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў” на чале з Уладзімірам Мірановічам, ветэраны і грамадскасць населенага пункта. Яны ўшанавалі памяць загінуўшых землякоў хвілінай маўчання. Ганаровае права адкрыць манумент і перарэзаць чырвоную стужку было дадзена старшыні Барысаўскай раённай ветэранскай арганізацыі Зоі Маханек, скульптару Яўгену Капшаю і старшыні першаснай ветэранскай арганізацыі Метчанскага сельскага Савета Ніне Касцюковіч. Завяршылася цырымонія ўскладаннем кветак.

Вярнуцца да спісу навін